Ведение документации

                                                   А.В.Сазановіч, настаўнік
ДзУА “Сярэдняя школа в. Астрамечава”
 
Вядзенне дакументацыі пры арганізацыі псіхолага-педагагічнага суправаджэння ў класах інтэграванага навучання і выхавання
         Брэсцкім абласным цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, цэнтрам карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Брэсцкага раёна значная ўвага надаецца праблеме псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Пра гэта сведчаць, напрыклад, матэрыялы 2 міжнароднай канферэнцыі педагогаў сістэмы спецыяльнай адукацыі ў лістападзе мінулага года “Навучанне, псіхолага-педагагічнае суправаджэнне і прафесійная падрыхтоўка асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Яе арганізатарамі былі ўпраўленне адукацыі Брэсцкага аблвыканкама, Брэсцкі абласны цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, Брэсцкі абласны вучэбна-метадычны цэнтр прафесіянальнай адукацыі. Вясной гэтага года на абласным семінары абагульнены вопыт баранавіцкіх педагогаў па псіхолага-педагагічнаму суправаджэнню дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні.  Гэтыя пытанні пастаянна абмяркоўваюцца на нарадах дэфектолагаў, настаўнікаў, што працуюць у класах інтэграванага навучання і выхавання Брэсцкага раёна.
         Адна з задач псіхолага-педагагічнага суправаджэння – упарадкаваць дзейнасць усіх спецыялістаў, хто заняты ў працэсе навучання і выхавання дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Класы інтэграванага навучання і выхавання (поўнай і няпоўнай напаўняльнасці) у нашай школе існуюць з 2007 года. У 2012/2013 навучальным годзе іх 5 (тры поўнай і два няпоўнай напаўняльнасці).Усе члены педагагічнага калектыву з паразуменнем ставяцца да праблем вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама праблем іх бацькоў, маюць пэўны вопыт работы ў гэтым напрамку. І ў вучнёўскім асяроддзі “асобыя” школьнікі не з’яўляюцца ізгоямі, а станоўча ўспрымаюцца аднакласнікамі і ўсімі дзецьмі.
Адукацыйны працэс у класах інтэграванага навучання і выхавання арганізуецца ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, патрабаваннямі і рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. На аснове нарматыўных дакументаў у школе складзены і зацверджаны дырэктарам вучэбныя планы для класаў інтэграванага навучання і выхавання на бягучы навучальны год, а таксама каляндарна-тэматычныя планы па прадметах і карэкцыйным кампаненце, расклад урокаў і карэкцыйных заняткаў.
Заўсёды ў жніўні, напярэдадні новага навучальнага года, загадам дырэктара школы зацвярджаецца склад групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння. Што тычыцца псіхолага-педагагічнага суправаджэння на другой ступені навучання, то яго разам са спецыялістамі ажыццяўляюць класны кіраўнік і настаўнікі-прадметнікі. Распрацоўваецца цыклаграма і план работы на навучальны год. Звычайна плануецца адно - два пасяджэнні ў форме семінара (часам з удзелам работнікаў цэнтра), на якіх абмяркоўваюцца праблемы навукова-практычнага характару. Акрамя іх, на пасяджэннях ў верасні, вырашаюцца пытанні арганізацыі работы з вучнямі, якія толькі што залічаны ў класы інтэграванага навучання і выхавання. У красавіку – маі аналізуецца дынаміка развіцця дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця за год і ўдакладняюцца праграмы работы з кожным вучнем. Вясновыя пасяджэнні групы пашыраныя. Яны праводзяцца ў прысутнасці настаўнікаў-прадметнікаў, якія не з’яўляюцца членамі групы, але ў наступным навучальным годзе будуць працаваць у класах інтэграванага навучання і выхавання.Таксама на працягу года разглядаюцца пэўныя праблемы, якія звязаны з паводзінамі і навучаннем “асаблівых” школьнікаў. Кожнае пасяджэнне групы пратакаліруецца.
 На першай ступені навучання з пачаткоўцамі працуе, пераважна, адзін настаўнік і настаўнік-дэфектолаг. Таму адаптацыйны перыяд у іх праходзіць лягчэй, чым пры пераходзе на другую ступень навучання, калі ў адукацыйным працэсе задзейнічана шмат настаўнікаў, урокі праводзяцца ў розных кабінетах, павышаецца адказнасць вучняў за свае ўчынкі. Школьнікі бяруць удзел у шматлікіх пазакласных мерапрыемствах. Вось у гэты час значна ўзрастае роля настаўніка-дэфектолага як каардынатара ўзаемадзеяння вучняў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і настаўніка-прадметніка, класнага кіраўніка. Асабліва ў класах няпоўнай напаўняльнасці.
Трэба зазначыць, што настаўнікаў-прадметнікаў неабходна загадзя падрыхтаваць да супрацоўніцтва з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Як гэта арганізаваць у школе? У канцы красавіка адміністрацыя  павінна пазнаёміць настаўнікаў з папярэдняй тарыфікацыяй, а гэта, у сваю чаргу, дасць ім  магчымасць наведаць урокі ў сваіх будучых выхаванцаў, паназіраць за імі, а таксама за тым, як арганізуе вучэбны працэс настаўнік пачатковых класаў (калі гаворка ідзе пра 5-ы клас). Пазней, на пашыраным пасяджэнні групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння да ведама настаўнікаў-прадметнікаў патрэбна давесці неабходную інфармацыю пра кожнага з “асобых” дзяцей, з кім яны будуць працаваць. Тут жа добра ўдакладніць праграму работы з вучнем на наступны год, каб загадзя падрыхтавацца да працы ў новых умовах.
 Добрую дапамогу настаўнікам у арганізацыі работы са школьнікамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця аказваюць кансультацыі, што ладзяць педагог-псіхолаг, настаўнікі-дэфектолагі. У час іх разглядаюцца пытанні, якія тычацца псіхалагічных асаблівасцей гэтых дзяцей, метадаў і прыёмаў работы з імі на ўроку, у пазаўрочны час, работы з бацькамі.
У студзені, на зімовых канікулах, члены групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння (настаўнік-дэфектолаг, дэфектолаг, які працуе на пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, педагог-псіхолаг) сумесна з адпаведнымі спецыялістамі дзіцячай дашкольнай установы праводзяць псіхолага-педагагічную дыягностыку выхаванцаў дзіцячага сада, выяўляюць праблемы, вызначаюць характар цяжкасцей, якія ёсць у дзяцей. Пры неабходнасці абследуюцца і вучні, якія ўжо навучаюцца ў школе. Па выніках скрынінг-дыягностыкі звесткі пра такіх дзяцей падаюцца ў цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. А ў красавіку праводзіцца паглыбленае абследаванне іх спецыялістамі цэнтра. Яны даюць заключэнне наконт парушэнняў псіхафізічнага развіцця, што маюцца ў дзіцяці, рэкамендуюць праграму навучання,пазней прапануюць індывідуальны план карэкцыйна-педагагічнай дапамогі тым, каго абследавалі. На аснове гэтага плана членамі групы на кожнага школьніка складаецца індывідуальная карта псіхолага-педагагічнага суправаджэння (яна некалькі адрозніваецца ад прапанаванай раней).У ёй змяшчаецца псіхолага-педагагічная характарыстыка  вучня, адзначаецца сацыяльны статус сям’і. Са слоў бацькоў указваюцца станоўчыя якасці дзіцяці, якія можна выкарыстаць пры арганізацыі працы. Далей спецыялісты групы суправаджэння, настаўнікі фармулююць мэту суправаджэння і кожны акрэслівае канкрэтны аб’ём работы, што будзе праводзіць з вучнем з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Удакладняецца і роля бацькоў школьніка. Вызначаеццатэрмін выканання запланаванага і вынікі работы. 
У бягучым годзе карты маюць дадатак, дзе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу  пры неабходнасці могуць змяшчаць свае заўвагі і прапановы. Карты правяраюцца старшынёй групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння адзін раз у месяц і пры неабходнасці па кожнай прапанове прымаюцца канкрэтныя меры. Індывідуальныя карты псіхолага-педагагічнага суправаджэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця складаюцца як на першай, так і на другой ступенях навучання.
Члены групы псіхолага-педагагічнага суправаджэння вядуць улік сфарміраванасці ведаў, уменняў і навыкаў у сваіх выхаванцаў.
У верасні і маі спецыялісты праводзяць дыягностыку дынамікі развіцця вучняў інтэграванага класа, вынікі якой фіксуюць у індывідуальных картах уліку дынамікі развіцця.
У кастрычніку і ў красавіку правяраюць узровень сфарміраванасці мысліцельных, інфармацыйных, камунікатыўных, арганізацыйных уменняў і навыкаў, што адзначаецца ў спецыяльных дыягнастычных картах.
Вядзецца ўлік маніторынгу вынікаў вучэбнага і карэкцыйна-развіццёвага працэсу кожнага вучня, узровень яго выхаванасці.
А зараз падсумуем, што ж ўключае пакет дакументаў вучня класа інтэграванага навучання і выхавання:
·        індывідуальны план карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, распрацаваны спецыялістамі цэнтра карэкцыйна развіццёвага навучання і рэбілітацыі на падставе вынікаў псіхолага-медыка-педагагічнага абследавання;
·        індывідуальная карта псіхолага-педагагічнага суправаджэння, складзеная членамі групы суправаджэння навучальнай установы;
·        матэрыялы ўліку дынамікі развіцця вучня інтэграванага класа, куды могуць увайсці:
¾   дыягнастычныя карты: уліку ўзроўню сфарміраванасці мысліцельных, інфармацыйных, камунікатыўных, арганізацыйных уменняў і навыкаў вучняў, уліку маніторангу вынікаў вучэбнага і карэкцыйна-развіццёвага працэсу кожнага вучня, уліку ўзроўню выхаванасці;
¾   карта псіхолага-педагагічнага абследавання дзіцяці;
¾   лісты назірання за вучнем з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця;
¾   профіль псіхолага-педагагічнага развіцця вучня і іншае.
           Дарэчы заўважыць, што асабовая справа вучня з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця (яна захоўваецца разам з асабовымі справамі ўсіх вучняў класа) дадаткова змяшчае заключэнне цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, дзе асобным радком адзначаецца згода бацькоў навучаць дзіця па прапанаванай цэнтрам праграме.
 Пры напісанні заявы аб залічэнні сына ці дачкі ў клас інтэграванага навучання і выхавання бацькі ўказваюць праграму навучання.
Дырэктар школы выдае загад аб залічэнні ў класы інтэграванага навучання і выхавання, а на аснове рашэння педагагічнага савета школы - загад аб пераводзе вучняў, што навучаліся ў інтэграваных класах.
Як бачым, вядзецца нямала дакументаў, але каб забяспечыць сістэмна-арганізаваную дзейнасць, з дапамогай якой можна стварыць сацыяльна-псіхалагічныя і педагагічныя ўмовы для паспяховага навучання і развіцця дзіцяці ў класе інтэграванага навучання і выхавання, яны патрэбны.

             Адмова ад вядзення дакументацыі па псіхолага-педагагічнаму суправаджэнню, аб чым неаднойчы вялася гаворка на розных узроўнях, ненамнога зменшыць паток папер, і палепшыць работу спецыялістаў, а вось дзіця з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця мы можам страціць.