Кружковая работа в начальной школе

А.В. Сазановіч
       
ГУРТКОВАЯ РАБОТА Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ ЯК
                       ПАСТАЯННАЯ ФОРМА ПАЗАКЛАСНЫХ
                       ЗАНЯТКАЎ ПА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ
 
   Пазакласная работа па беларускай мове з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу і ўяўляе сабой абавязковы элемент добра арганізаванай працы школы. У метадычнай літаратуры пазакласная работа разглядаецца як дадатковы сродак фарміравання ў вучняў цікавасці да прадмета, пашырэння і паглыблення ведаў, што набылі вучні на ўроках беларускай мовы. І хоць канчатковая мэта ўрокаў і пазакласных заняткаў супадаюць, пазакласная работа мае свае, важныя для навучання і выхавання мэты і задачы. Яна павінна садзейнічаць не толькі развіццю ў вучняў інтарэсу да роднай мовы, але і выхаванню ў іх беражлівых адносін да слова, да багаццяў мовы , імкнення не толькі авалодаць гэтымі багаццямі, але зберагчы і ўзбагаціць духоўны скарб беларускага народа.
   Задачы пазакласнай работы па беларускай мове ў пачатковых класах:
1.     Садзейнічаць больш трываламу і свядомаму засваенню вывучаемага на ўроках матэрыялу;
2.     Развіваць пазнавальную актыўнасць вучняў, паглыбляць і пашыраць іх веды па асобных раздзелах мовы, што засвоены на ўроках;
3.     Удасканальваць навыкі лінгвістычнага аналізу;
4.     Павышаць узровень моўнага развіцця дзяцей;
5.     Садзейнічаць развіццю самастойнасці вучняў;
6.     Ствараць умовы для выхавання глыбокіх духоўных запатрабаванняў і развіцця творчых здольнасцей школьнікаў.
   Пазакласная работа з малодшымі школьнікамі мае важнае значэнне і для ажыццяўлення пераемнасці ў рабоце па беларускай мове паміж пачатковымі і старэйшымі класамі.
   Паколькі пазакласная работа з’яўляецца неад’емнай часткай вучэбна-выхаваўчага працэсу школы, то арганізацыя ўсіх відаў заняткаў, што праводзяцца пасля ўрокаў, павінна адпавядаць агульнадыдактычным прынцыпам навучання і выхавання: навуковасці, свядомасці і актыўнасці, даступнасці, трываласці, сістэматычнасці і паслядоўнасці, нагляднасці, займальнасці, сувязі тэорыі з практыкай, індывідуальнага падыходу да вучняў. Пры арганізацыі і правядзенні пазакласнай работы настаўнікі абапіраюцца і на метадычныя прынцыпы. Ушакоў М.М. выдзяляе наступныя метадычныя прынцыпы:
1.     Адзінства навучання і выхавання;
2.     Сучаснасць зместу і метадаў;
3.     Добраахвотнасць, роўнае права як моцных так і слабых на ўдзел у пазакласнай рабоце;
4.     Улік узроставых і індывідуальных асаблівасцей (інтарэсаў, схільнасцей);
5.     Спалучэнне педагагічнага кіраўніцтва з дзіцячай самадзейнасцю;
6.     Спалучэнне індывідуальных, групавых, масавых форм заняткаў;
7.     Сістэматычнасць у пазакласнай рабоце.
   У “ Методыцы выкладання беларускай мовы” Варановіч З.Б. вызначаны прынцыпы выбіральнасці, навуковай паглыбленасці, практычнай накіраванасці, добраахвотнасці.
   Метадычныя прынцыпы арганізацыі і правядзення пазакласнай работы па мове вынікаюць са спецыфікі гэтай формы вучэбнай дзейнасці, з мэт і задач пазаўрочных заняткаў вучняў па мове, з існуючых асаблівасцей беларускай мовы як вучэбнага прадмета.
   Адной з галоўных умоў пазакласнай работы па беларускай мове з’яўляецца варыятыўнасць і разнастайнасць яе форм і відаў. У методыцы вызначаны тры групы арганізацыйных форм пазакласнай работы: масавая, групавая, індывідуальная. Сярод іх выдзяляюць формы, якія пастаянна дзейнічаюць і эпізадычныя мерапрыемствы. Да групавой пастаянна дзейнічаючай формы належыць і гурток беларускай мовы.
Але ў пачатковых класах трэба гаварыць пра гурток не як калектыў, які паглыблена вывучае беларускую мову, а толькі пра групавыя заняткі, пра пэўную частку класа, якая пастаянна ўдзельнічае ў пазакласных занятках па беларускай мове.
   У метадычнай літаратуры ўказазваецца, што гурток у пачатковых класах ствараецца звычайна для вучняў аднаго узросту. Удзельнікамі яго з’яўляюцца школьнікі паралельных ці сумежных класаў. Аснову гуртка складаюць вучні, якія цікавяцца беларускай мовай. Аднак, акрамя іх, у гуртку бяруць удзел і вучні, цікавасць якіх не так ярка выражана. Колькасць удзельнікаў, звычайна, чалавек 10. Састаў гуртка, замацаваны спісам. Але нельга  забараняць удзельнічаць у занятках вучням, якія аддаюць перавагу вольнаму наведванню іх. У практыцы гуртковай работы склалася традыцыя праводзіць заняткі гуртка адзін раз у два тыдні.
   Пытанне аб змесце работы гуртка найбольш складанае. У пачатковых класах самым распаўсюджаным з’яўляецца гурток займальнай граматыкі. З арганізацыйнага боку ў рабоце гуртка займальнай граматыкі Паноў Б.Т. выдзяляе тры часткі: гульнёвую (рашэнне граматычных задач) , тэарэтычную (абагульненне настаўніка ці вучняў) і практычную (падрыхтоўка матэрыялаў для правядзення граматычных гульняў, выпуску газет і г.д.). Ушакоў М.М. прапануе крыху іншую структуру: паведамленне настаўніка, знаёмства вучняў з этымалогіяй некаторых слоў і выразаў, гульнёвы этап. Працягласць заняткаў гуртка з улікам узроставых асаблівасцей малодшых школьнікаў 30-35 мінут. З гэтага часу на гульнёвую частку адводзіцца 15-20 мінут, 5 мінут - на вывады і абагульненні, 10-15 мінут – практычная дзейнасць.
   Александровіч Н.Ф. адзначае, што поспех і выніковасць пазакласных заняткаў залежыць ад многіх фактараў. І найперш – ад  актыўнасці, захаплення справаю самога настаўніка. Другі фактар – прадуманасць сістэмы пазакласнай работы па мове на ўсіх этапах навучання.
   Мы прыводзім адзін з магчымых варыянтаў плана гуртковых заняткаў па беларускай мове ў 2-3 класах, распрацаваны разам з настаўнікамі пачатковых класаў Астрамечаўскай сярэдняй школы.
                       План работы гуртка “Роднае слова”.
1.     Уступныя заняткі. Арганізацыйнае пасяджэнне.
2.     Чароўныя пераўтварэнні слоў.
3.     Чароўныя пераўтварэнні слоў. (Працяг заняткаў № 2.)
4.     Заняткі – спаборніцтвы.
5.     Тэматычныя групы слоў.
6.     Тэматычныя групы слоў.(Працяг заняткаў № 3.)
7.     Словы – родзічы.
8.     Сябруем з граматыкай.
9.     Конкурс загадак.
10. Слова адно, а значэнняў некалькі.
11.   Слова адно, а значэнняў некалькі.(Працяг заняткаў № 10.)
12.   Словы – блізняты.
13.   Словы – сябры.
14.   Словы – сябры. (Працяг заняткаў № 13.)
15.      Антонімы.
16.     Бліцтурнір.
17.     Фразеалагізмы, крылатыя словы.
18.     Фразеалагізмы, крылатыя словы. (Працяг заняткаў № 17.)
19.     Конкурс “Знаўцы беларускай мовы”.
20.     Конкурс “Знаўцы беларускай мовы”.(Працяг заняткаў № 19.)
   Кожны кіраўнік (настаўнік) уносіць карэктывы, зыходзячы з асаблівасцей, інтарэсаў гурткоўцаў і сваіх магчымасцей. Члены гуртка вядуць спецыяльныя сшыткі, у якіх робяць неабходныя запісы, занатоўваюць уласныя назіранні, казкі, загадкі, прыказкі і г.д.
  Прапануем некалькі прыкладных распрацовак заняткаў гуртка “Роднае слова”.
                                             ЗАНЯТКІ № 2-3
                        ЧАРОЎНЫЯ ПЕРАЎТВАРЭННІ СЛОЎ
                                                      Эпіграф: Адну літару памяняеш -                  
                                                                      новае слова атрымаеш.
   Настаўнік паведамляе, што цікавыя змены могуць адбыцца са словам, калі замяніць адну літару другой. І такіх слоў, якія адрозніваюцца толькі адной літарай, у беларускай мове шмат. Вы пераканаецеся ў гэтым, калі ўважліва паслухаеце і скажаце, пра якія словы апавядаецца ў вершаваных радках.
1.     З “а” яна вадою між лугоў цячэ.
З “У” у нас з табою і ва ўсіх па дзве. (Рака – рука)
2.     З “Р” жыву я ў вадзе і патрэбна ў ядзе.
З “Ш” жыву ў кожнай хаце, у акне мяне шукайце.(Рыба – шыба)
3.     Я даўно дружу з усімі, бо сама я - твор любімы.
І мяне паўсюль на свеце больш за ўсіх чытаюць дзеці.
“З” на “С” я памяняю – галаўны ўбор называю.
Можа, і не сімпатычны, ды затое – металічны. (Казка – каска)
               ГУЛЬНЯ “ДВА КАЛОДЗЕЖЫ”
   На табліцы намаляваны два калодзежы.На іх надрукаваны словы з прапушчанымі літарамі. Побач стаяць вёдры, якімі неабходна дастаць ваду з гэтых калодзежаў. Выберыце вядро так, каб літара на ім падыходзіла да слоў, што напісаны на калодзежы. У вас павінны атрымацца словы, якія адрозніваюцца адной літарай. Будзьце ўважлівыя.
(Бак, рак, лук, сук, лак, жук, бук і г.д.)
                          ГУЛЬНЯ “ЗАМЯНІ ЛІТАРУ”
   На дошцы запісаны словы : каза, лапка, сыр, палка. Замяніце выдзеленую літару так, каб атрымаліся новыя словы
                          ГУЛЬНЯ “ЯКОЕ СЛОВА ЗАДУМАНА?”
   На дошцы запісваецца якое-небудзь слова з адной прапушчанай літарай. Гурткоўцы павінны здагадацца, якое слова задумаў настаўнік. Напрыклад: ...ом. Дзеці называюць словы дом, том, лом, бом, ром. Настаўнік адзначае, што гэта не тое слова. Калі ніхто больш не зможа назваць новае слова, настаўнік гаворыць яго сам.
   Словы для гульні: д...м, с...н, со... і інш.
                           АПАВЯДАННЕ – ЗАГАДКА
   Калі Надзя і Сярожа пайшлі ў падрыхтоўчы клас, мама падарыла кожнаму з іх разразную азбуку, Яны ўжо даўно вывучылі ўсе літары і любілі складваць з іх словы. А Сярожа склаў нават цэлае апавяданне. На жаль, у яго дзесьці згубілася літара Е. Але ён і без яе абышоўся. Узяў ды паставіў замест Е розныя іншыя літары. “Прачытай”,- прапанаваў Сярожа Надзі.Надзя прачытала, але нічога не зразумела. Дапамажыце ёй, дзеці, яна ж яшчэ маленькая. Пастаўце літару Е ў тыя словы, дзе яна павінна быць. (На дошцы напісаны змест апавядання, якое склаў Сярожа.)
                                                 ЛОТА
   У полі было горача. Мы охалі доўга-доўга, пакуль убачылі лос і сяло. Нас сустракалі цётка Луна і дзядзька Соня. Яны былі рады нам. Мы добра адпачылі лотам. Амаль кожны дзінь вудзілі рыбу на рацэ, хадзілі ў лыс у ягады. Куляліся на луза ў сані. Хутка прайшло лота. У жніўні мы паохалі ў горад.
   Настаўнік адзначае, што цудоўныя пераўтварэнні могуць здарыцца не толькі пры замене адной літары, але і тады, калі мы дабавім да слова ці адымем 1-2 літары.
                               ГУЛЬНЯ “ЗНАЙДЗІ СЛОВА Ў СЛОВЕ”
   На дошцы запісаны словы: музыка, тканіна, тхор, віхор, салата, малако, слон, крот, куст, словы.. Знайдзі ў іх другія словы.
                                ГУЛЬНЯ “РЭХА”
   Калі вы былі ў лесе ці вечарам на рэчцы, то, напэўна, чулі рэха. Вы крыкнулі, а рэха вам адгукнулася. Але вы пачулі толькі канец слова. Паспрабуем зараз пагуляць у рэха. Вам называецца слова, а вы ўсе разам вымаўляеце яго канец так, каб атрымалася новае слова.
   Словы для гульні: смех, экран, грак, страказа, бяда, каса, грэчка, клён.
 
                                 ГУЛЬНЯ “ПЕРАТВАРЭННІ СЛОЎ”
1.     Зрабіце з вады мора. (Вада – вага – нага – нара – мара – мора)
2.     Ператварыце ваду ў мару. (Вада – ваза – каза – кара - мара)
                                               ЗАГАДКІ
1.     З “М” я рыба, з “Я” расліна.
З “К” мяне ўсе піць павінны.
З “С” я клічу ратаваць,
З “Н” прымушу моцна спаць. (Сом – соя – сос – сон.)
2.     З “К” я вадкасці трымаю, з “С” я голас называю.
З “Л”   пра вецер раскажу ці ацэнку пакажу.
З “Р” адразу стану
        Невялікім рэстаранам.
        З “Й” я казку, байку раскажу пра зайку.
        З “Х”, не пройдзе і хвіліны,
        Кампазітар вельмі слынны. (Бак – бас – бал – бар –Бай – Бах)
   Як бачым, адна іншая літара ў слове, і слова набывае новы сэнс. Літары ў алфавіце і ў словах любяць парадак, добра ведаюць сваё месца. Не парушайце гэты парадак, дапамагайце літарам захоўваць правілы беларускай мовы.  
                                               ЗАНЯТКІ № 4
                             ЗАНЯТКІ – СПАБОРНІЦТВЫ
   Гурткоўцы дзеляцца на дзве каманды. У склад каманд могуць быць уключаны вучні 2-3 класаў, якія пажадаюць узяць удзел. Пачаткоўцы выконваюць шэраг заданняў.
   Першае заданне – размінка. Кожная каманда павінна хутка прачытаць скорагаворку. (На дошцы вісяць плакаты са скорагаворкамі.) Каманды слухаюць кожнага свайго ўдзельніка і выбіраюць, хто лепш прачытае. Потым прадстаўнікі ад кожнай каманды чытаюць скорагаворку, а журы ацэньвае па пяцібальнай сістэме.
1.     Лавіў рыбак судака, судзіў судак рыбака.
 - Лоўка, рыбак, ловіш, судаку сорам робіш.
2.     Скача чапля па балоце, чачотачка ў чароце,
А чубаты чачот топча, топча агарод.
   Другое заданне – разгадаць рэбусы.
   1. Ш Ш (шаша)
   2. КАЗА З=С (каса)
3.     А + СТРАЛА – ЛА = ? (астра)
4.     ЛІСТ – Т + А = ? (ліса)
   Трэцяе заданне - гульня ў перакладчыкаў. У канвертах лісты з заданнямі: перакласці на беларускую мову словы: ученик, девочка, учебник, мальчик, карандаш, тетрадь, доска, учитель, буквы, часы. Вызначыць, якой часцінай мовы з’яўляюцца гэтыя словы?
   Чацвёртае заданне – гульня “Хто лепш і хутчэй зрыфмуе?” Кожнай камандзе прапануюцца словы, да якіх трэба падабраць рыфму.
   Байка - ...                   Саша - ...                   сук - ...
   Сястрычка - ...           лёд - ...                      сарока - ...
   Зайка - ...                    Наташа - ...              цень - ...
   Горка - ...                    мёд - ...                    жук - ...
   Пятае заданне – адгадаць метаграмы, загадкі.
1.     Мусіць, кожны назаве, што срэбрам ззяе на траве.
Толькі Р на К змяніць – яна на лузе зазвініць.  (Р.Бохан)
2.     З М расту я на градзе, з Р я поўзаю ў вадзе.
3.     У лесе з Б мяне шукаеш і з прыемнасцю з’ядаеш.
Калі Б на П заменіш – сцеражыся: захварэеш.
4.     З К шукай мяне на полі, з Г пачуеш на раздоллі.
А калі падставіш В, дык шукай на галаве.
                                ЗАГАДКІ – ЖАРТЫ
1.     Чаго і са сцяны не высечаш?
2.     Пад якім кустом заяц сядзіць, калі дождж ідзе?
3.     Што размаўляе на ўсіх мовах?
4.     Што без слёз плача?
5.     Дзе гарады без людзей, а рэкі без вады?
6.     Што пасярэдзіне Мінска стаіць?
7.     Чаго не абнясеш вакол хаты?
8.     Пералічыце пяць дзён па парадку, не называючы даты і назвы дзён.
   Шостае заданне – замяніць у кожным слове выдзеленую літару іншай, якая абазначае парны глухі зычны гук: борт, год, дом, дзень, жыццё, каза, код.
   Спаборніцтвы закончыліся. Журы вызначае каманду-пераможцу. Усе члены яе ўзнагароджваюцца медалямі. Удзельнікі другой каманды таксама ўзнагароджваецца медалямі, але іншага колеру.
                                          ЗАНЯТКІ 5-6
                        ТЭМАТЫЧНЫЯ ГРУПЫ СЛОЎ
   Заняткі пачынаюцца гульнёй “Хто больш і правільна?” Настаўнік называе некалькі слоў пэўнай тэматычнай групы, а вучні прадаўжаюць  пералік. Напрыклад, бяроза, вярба...; ліса, воўк...  Пасля гульні вучням прапануюцца пытанні: Як вы здагадаліся, што менавіта гэтыя словы патрэбна назваць? Ці ўсе назвы дрэў вы пералічылі? Якіх звяроў вы яшчэ ведаеце?
  Настаўнік паведамляе, што многія словы можна аб’яднаць у тэматычныя групы. Некаторыя групы – назвы птушак, кветак, рыб, жывёл – вельмі вялікія. А ёсць зусім маленькія групы, напрыклад, поры года. Усяго чатыры словы. Назавіце іх. Назавіце групу, якая складаецца толькі з сямі слоў. І больш іх не можа быць.(Дні тыдня) А з пяці?(Пальцы)
  Вучням прапануецца адгадаць загадкі.
Ёсць дванаццаць братоў. Адзін за другім ходзяць, адзін другога не абходзяць.
Пералічыце братоў, пра якіх гаворыцца ў загадцы.
  Наступныя загадкі дзеці павінны не толькі адгадаць, але і адказаць, да якой групы слоў можна аднесці словы-адгадкі і чаму.
1.     На сцяблінку сонца села, белы капялюш надзела.(Рамонак)
2.     У гаі– гаёчку, між травы, расы- белыя званочкі.
Іх шануйце, дзеці, каб такой красы больш было на свеце. (Ландыш)
   3. Хвалюе водарам, красою, але няпроста ўзяць рукою:
        Галава – пахучая, тулава – калючае. (Ружа)
   4. З-пад снегу выйшла, расцвіла
Ды так, што аж зіма ўцякла. (Пралеска)
Ці можна дапоўніць гэтую групу слоў іншымі? Назавіце іх.
   Настаўнік чытае апавяданне-жарт
                   “У КАГО ІЛЬЮША ЧЫСЦІЎ КЛЕТКІ?”
   - Што ты рабіў у жывым кутку, Ільюша? – спытала мама.
   - Ды рознае, - адказаў Ільюша. – Чысціў птушкам клеткі, мяняў ваду, карміў.
   - А хто там жыве?
   - Чыжы, снегіры, сініцы, - успомніў хлопчык. – Канарэйка ёсць. Кактусы...
   - Значыць, ты і ў кактуса чысціў клетку?
   Чаму так спытала мама?
   Вучні адказваюць на пытанне.
   Пасля праводзіцца гульня “ЧАРОЎНЫ КОШЫК”.
 У чароўны кошык трэба назбіраць ягад. А для гэтага неабходна ўспомніць назвы іх і пакласці  ў настаўнікаў чароўны кошык. Настаўнік з кошыкам падыходзіць да вучняў, а яны называюць ягады. Пасля адказваюць на пытанне:” А ці можна ў гэты кошык пакласці арэхі? Чаму?”
                                ГУЛЬНЯ “ПЯТЫ ЛІШНІ”
   Настаўнік чытае групы слоў, а вучні знаходзяць лішняе і абгрунтоўваюць свой адказ.
1.     Авёс, васілёк, проса, пшаніца, ячмень. Якое слова лішняе? (Васілёк. Гэта пустазелле. Астатнія словы – назвы збожжавых раслін.)
2.     Васілёк, званочак, рамонак, ружа, смолка. (Ружа. Гэта садовая кветка, а не лугавая.)
3.     Аўтобус, метро, самалёт, тралейбус, цягнік. (Самалёт. Гэта від паветранага транспарту, а не наземнага.)
Гурткоўцам прапануецца задача-загадка.
                                       ГРАДА
   Што – правер ты – на градзе з літараю Р расце?
   Пад разгалістым кропам разлягліся агуркі,
   Ёсць радыс, пятрушка, морква, рэпа, рэдзька, буракі.
   І гарох, і памідоры, сельдэрэй і гарбузы, і цыбуля,і фасоля,
   Што не так тут?...Адкажы.       (М. Пазнякоў)
   Да якой тэматычнай групы можна аднесці гэтыя словы?
                                  
                                 КОНКУРС “ХТО ХУТЧЭЙ ?”
Умова: за 5 мінут напісаць словы наступнай тэматычнай групы: садавіна, агародніна. (Заданне выконваецца па радах.)
   Настаўнік паведамляе, што ў  тэматычныя групы аб’ядноўваюцца не толькі словы, якія адказваюць на пытанні хто? што?, але і словы, якія адказваюць на пытанні што рабіць? які? якая? якое?, і што сёння вучні пазнаёмяцца са словамі, якія называюць колер. Ён раіць паглядзець навокал і звярнуць увагу на тое, што ўсе прадметы, якія нас акружаюць, рознага колеру. Мы прывыклі бачыць свет рознакаляровым. Настаўнік прапануе ўявіць сабе, што было б, калі б зніклі ўсе колеры, акрамя аднаго. Як сумна жылося б на свеце!
    Затым настаўнік дэманструе малюнкі кураняці, морквы, васілька, ландыша, лісточка бяроза. Усе яны пафарбаваны ў зялёны колер. Вучні называюць прадметы, іх колер у рэальным жыцці і прымацоўваюць пад малюнкам палоску адпаведнага колеру.
   Настаўнік чытае апавяданне М. Стояна.
   Часта ў час дажджу ты стаіш каля акна, глядзіш, прыслухоўваешся, і табе пачынае здавацца, што ўсе рэчы размаўляюць. І алоўкі таксама. Чуеш, гаворыць чырвоны: - Я – мак, я – агонь, я – сцяг!
 За ім адгукаецца аранжавы: - Я – морква, я – апельсін, я – зара!
Жоўты таксама не маўчыць: -Я –пух гусяняці, я – пшаніца, я – сонца!
І зялёны шапаціць: - Я – трава, я – сады, я – лясы!
А блакітны не адстае : - Я – званочак, я – чарніла, я – мора!
Сіні захапляецца: - Я – неба, я – лён, я – возера!
Фіялетавы шэпча: Я – сліва, я – бэз у квецені, я – змярканне!
   Але дождж сціхае, І разам з ім заціхаюць каляровыя алоўкі.
   - Глядзіце! – ускрыкнуў чырвоны. – Вясёлка – гэта я!
   - І я! – дадае аранжавы.
   - І я! – усміхаецца жоўты.
   - І я! – у захапленні сказаў зялёны.
   - І я! – радуецца блакітны.
   - І я! – весяліцца сіні.
   - І я! – смяецца фіялетавы.
   І ўсе рады: у вясёлцы – і макі, і апельсіны, і пшаніца, і трава, і неба, і мора, і бэз. У ёй – усе!                         
Пытанні. Якога колеру агонь, трава, званочак? Якія колеры ўтвараюць вясёлку? У якім парадку іх патрэбна называць? Пра якую пшаніцу гаварыў жоўты аловак? Якога колеру сад і лес восенню?
    Пра жоўты колер часта гавораць “залаты”. Таму што золата жоўтае.
З якімі з наступных слоў аловак, клён, дзьмухавец, сланечнік, сукенка можна ўжываць слова залаты?
    Настаўнік загадвае загадку, а гурткоўцы адказваюць, пра якую пару года гаворыцца ў ёй?
                                     Пуста ў палях, мокне зямля,
                                     Дождж палівае –
                                        Калі гэта бывае?
   Па якіх прыметах можна здагадацца, што гэта восень?
   Пра якую пару года гаворыцца ў наступнай загадцы?
                                         Растае сняжок, ажывае лужок.
                                         Дзень прыбывае –
                                         Калі гэта бывае?
   Дзеці называюць, якога колеру “ вочы” ў светлафора? Што абазначае кожны колер?
   Настаўнік адзначае, што ў народзе здаўна высока цаніліся назіральнасць, кемлівасць, цікаўнасць. Складаючы загадкі, а менавіта яны разлічаны на наяўнасць такіх якасцей у чалавека, людзі часта звярталіся да прыметніка. Вучням прапануецца ўспомніць загадкі, у якіх выкарыстаны прыметнікі . Затым праводзіцца конкурс “САМЫ КЕМЛІВЫ”. Настаўнік загадвае загадкі, а ўдзельнікі павінны запісваць адгадкі і пазначаць кожную  адпаведным парадкавым нумарам.
1.     Летам шэры, узімку белы, вушы доўгія, хвост кароткі.
2.     Белы, ды не цукар, лёгкі, ды не пух. Нараджаецца – ляціць, а памірае – бяжыць.
3.     Чорнае поле, чорнае семя. Хто яго сее, той разумее.
4.     Носікі вусатыя, спінкі паласатыя, хвосцікі пушыстыя, лапкі кіпцюрыстыя.
Затым вучням прапануецца выпісаць са слоўніка, што ў падручніку, 10 слоў, якія абазначаюць прымету прадмета.
   (Падводзяцца вынікі конкурсу.)
                            Дамашняе заданне: ”Якая бывае трава?”
   Сапраўды, якая бывае трава? Часцей за ўсё адказваюць, што зялёная. А калі паназіраць за ёю на працягу месяцаў, у розны час, у рознае надвор’е? А калі глядзець на яе вачамі мастака, паэта? Ужо не толькі зялёная, але і светлая, і цёмная. Вясною кволая, увосень пажухлая. Дык якая бывае трава?
   Давайце пойдзем па траве. Не, мы не будзем таптаць яе. Мы проста будзем назіраць і запісваць, якая яна. Возьмем скрынку і будзем апускаць у яе маленькія карткі з апісаннем травы. На картцы неабходна напісаць сваё прозвішча, прыметнікі, якія характарызуюць траву, а таксама апісанне травы пісьменнікам ці паэтам. Не забудзьце ўказаць назву твора і прозвішча аўтара. Праз два тыдні мы падвядзём вынікі.
                                           ЗАНЯТКІ № 7
                                     СЛОВЫ – РОДЗІЧЫ
   У пачатку заняткаў паўтараецца, якія словы называюцца роднаснымі, як называецца агульная частка роднасных слоў, вучні прыводзяць прыклады аднакаранёвых роднасных слоў і выдзяляюць у іх агульную частку. Затым выконваюцца заданні:
   1. Знайдзіце ў вершаваных радках роднасныя словы, запішыце іх і абазначце корань.
   Вырас верас і цвіце,                              Кастры гараць.
   Восень, верасень ідзе!                           Кастрычнік крочыць па дварах.
 
   У снежні сняжынкі                                Ваду студзень студзіць,
   Занеслі сцяжынкі.                                  Лёд на студні будзе.
 
   Надзьмуты люты                                   Люты ўцёк, люты знік.
   Дзьме, лютуе.                                         Пагнаў сок сакавік.
  
2.Гульня “ТРЭЦІ ЛІШНІ”
Прачытайце радкі слоў і знайдзіце ў іх трэцяе лішняе слова.
1.     Жаўток, жалеза, жоўты.
2.     Цыркуль, цыркач, цырк.
3.     Вада, падводны, праваднік.
4.     Гара, горны, гараваць.
5.     Нос, пераносіць, носік.
 
3.Гульня “ЗА КІМ АПОШНЯЕ СЛОВА”
Адзін з удзельнікаў гульні называе якое-небудзь слова. Другі называе другое слова з гэтым жа коранем. Перамагае той, хто апошнім назаве аднакаранёвае слова.
                                  ЗАНЯТКІ № 8
                      СЯБРУЕМ З ГРАМАТЫКАЙ
На дошцы запісаны вершаваныя радкі:
                                  Граматыка, граматыка –
                                  Навука вельмі строгая!
                                  Падручнік па граматыцы
                                  Бяру заўжды з трывогай я!
  Настаўнік паведамляе, што сёння на заняткі прыйшлі госці – Вучоны Рак і Ганарыстая Варона. Яны хочуць даведацца, ці сябруюць нашы дзеці з граматыкай. Затым гурткоўцы разам з наснаўнікам чытаюць запіс на дошцы.
   Настаўнік заўважае, што Вучоны Рак трымае ў клюшнях вялікі канверт, і прапануе аднаму з вучняў паглядзець, што ў ім знаходзіцца. У канверце заданні ўдзельнікам гуртка.
1.     Разбярыце сказ па членах сказа і назавіце вядомыя часціны мовы. Вакол ляжыць мяккі снег. (Сказ запісаны на дошцы).
2.     Разбярыце  па саставу слова падасінавік. Падабраць да яго роднасныя словы.
3.     Устаўце ў словы прапушчаныя літары і растлумачце іх напісанне. Б...ларускія л...сы, в...лікі л...с, л...снік Мікола.
   Настаўнік адзначае, што Вучоны Рак цікавіцца, якое правіла патрэбна ведаць, каб правільна пісаць галосныя е, ё – я? Вучні адказваюць.
   Затым гурткоўцы выконваюць заданні, якія прынесла пад крылом у скрутку  Ганарыстая Варона.
   Заданне 1. Паглядзіце на дошку і знайдзіце словы, у якіх корань выдзелены няправільна. Растлумачце памылкі і запішыце словы ў сшытак. Гусяняткі, лясны, беларускі, зямля, кніжны,  гняздзечка, пячнік.
   Заданне 2. Як правільна напісаць словы в...снавы, в...сновы, б...рэзнік, др...ўляны, ж...лудовы, сц...жынка, пес...нька?
   Заданне 3. Адгадайце загадкі, запішыце адгадкі і вызначце ў іх корань. Падбярыце і запішыце да кожнага слова-адгадкі па 2-3 роднасныя словы.
   Кругленькі, маленькі, яго б’юць – ён не плача, а толькі скача.
   Два браты ў ваду глядзяцца, а разам не сыходзяцца.
   Сем тысяч майстроў збудавалі хату без акон і без вуглоў.
   Стаіць на градцы латка на латцы.
   Настаўнік падводзіць вынікі заняткаў і адзначае, што Вучонаму Раку і Ганарыстай Вароне спадабалася, як дзеці старанна працавалі. І яны будуць часта прыходзіць да гурткоўцаў на заняткі і прыносіць заданні.
                                     ЗАНЯТКІ № 9
                               КОНКУРС ЗАГАДАК
   У конкурсе бяруць удзел некалькі каманд. Падрыхтоўка да яго пачынаецца загадзя. Каманды падбіраюць загадкі, якія можна загадаць у слоўнай форме, у форме малюнка, а таксама пантамімы. Акрамя таго, кожная каманда малюе прадмет, пра які каманды-саперніцы будуць складаць загадкі.
   Пачынаецца конкурс са знаёмства з камандамі. Перш за ўсё патрэбна адгадаць іх назвы. А яны зашыфраваны ў азначэннях.
1.     Людзі, якія імкнуцца ўсё зразумець, пазнаць. (Дапытлівыя)
2.     Людзі, якія маюць вялікую эрудыцыю. (Эрудыты)
3.     Людзі, якія ўсё хутка і лёгка разумеюць. (Кемлівыя)
Аб’яўляецца першы конкурс “ХТО БОЛЬШ ВЕДАЕ ЗАГАДАК?”
Вядучы паведамляе тэму, а ўдзельнікі ўспамінаюць загадкі і на лік “тры”адна за другой называюць іх. Калі ж якая-небудзь з каманд не спраўляецца з пастаўленай задачай, то прапускае ход. Калі прапушчана тры хады, то каманда выбывае з конкурсу.  Перамагае каманда, якая назвала апошнюю загадку. Можна карыстацца запісамі, зробленымі ў час падрыхтоўкі. На працягу конкурсу тэма мяняецца некалькі разоў.
   Другі конкурс “ПЕРАКРЫЖАВАНЫ ПАЯДЫНАК”
Каманды загадваюць адна другой загадкі ў слоўнай форме і пантаміма. Апошнюю неабходна не толькі адгадаць, але і сфармуляваць.
   Трэці конкурс “ МАЛЮЕМ АДГАДКУ”
Удзельнікам выдаецца папера і фламастары. Кожнай камандзе вядучы зачытвае загадку (яе можна даць і ў пісьмовай форме), якую патрэбна адгадаць, а адгадку намаляваць.Перамагае каманда, якая зробіць гэта лепш і хутчэй за іншыя.
1.     Бабка-крываножка па золаце скача.
2.     Зубы вострыя мае, дробна жуе, а не глытае.
3.     Крыж на крыжы, а хто ведае – адкажы.
Чацвёрты конкурс “СКЛАДЗІ ЗАГАДКУ”
Камандам прапануюцца словы ці малюнкі. Выкарыстаўшы іх, неабходна скласці загадку і загадаць яе іншай камандзе.
   Пяты конкурс “РАШЫ КРЫЖАВАНКУ”
Усім камандам даецца адна і тая ж крыжаванка, якую трэба рашыць за тры мінуты. У ёй зашыфраваны адгадкі загадак.
- Усіх буджу, хоць без будзільніка хаджу.
- Ён прысмакаў з’еў нямала, а калі харчоў не стала, лапу смокчучы заснуў, ледзьве не праспаў вясну.
- Хоць зубоў не мае, а балюча кусае.
- Паверх лесу агонь гарыць.
- Доўгі насок, тонкі галасок, хто яго заб’е, той сваю кроў пралье.
- Еду, еду – ні дарогі, ні следу.
- Хоць малы ён, часам з кулак, але ў рукі не возьмеш ніяк.
- Ідзе то ў гару, то ў даліну, то лесам, то полем, а сама не паварушыцца.
   Нарэшце ўсе конкурсы завершаны і журы падводзіць вынікі. Калі ў дзяцей узнікне жаданне яшчэ папрацаваць з загадкамі, можна параіць ім самастойна скласці крыжаванку.і змясціць яе ў кутку беларускай мовы.
                                       ЗАНЯТКІ № 10-11
                      СЛОВА АДНО, А ЗНАЧЭННЯЎ МНОГА
Настаўнік прапануе назваць лексічныя значэнні слоў аловак, агурок, парта, стол. Пасля сам называе значэнні, а вучні запісваюць словы.            
-         Шосты дзень тыдня.
-         Прылада працы, якой забіваюць цвікі.
-         Лясныя ці садовыя душыстыя ягады ружавата-
чырвонага колеру.
-         Лісцёвае дрэва з белай карой.
-         Дзесяты месяц года.
   Настаўнік адзначае, што ўсе гэтыя словы маюць адно значэнне. Але не заўсёды бывае так. Гурткоўцы ўспамінаюць, якія яны ведаюць значэнні слова  зорка. Складаюць сказы , ужываючы яго ў розных значэннях. Робіцца вывад, якія словы называюцца мнагазначнымі. Затым дзеці адшукваюць мнагазначныя словы, напрыклад, у вершаваных радках.
   Кінуў палку ўгару Мішка:                       Шышка бац па галаве -
   - Падай у шапку з елкі, шышка!-            Адразу шышак стала дзве.
   Высвятляецца, якія значэнні мае слова шышка? Чым падобны шышка з елкі і шышка на галаве? На якія пытанні адказваюць і што абазначаюць словы спінка, ручка, язычок?
   Настаўнік паведамляе, што мнагазначнымі могуць быць не толькі словы, што абазначаюць прадмет, але і словы, якія абазначаюць прымету і дзеянне прадмета. Вучні слухаюць апавяданне Б. Рабініна “Вострыя рэчы”.
-         Грыша, не бяры нож. Парэжашся!
-         Грыша, не бяры відэлец. Уколешся!
-         Навошта ты ўзяў шкельца? Бачыш, яно вострае...
Калі селі есці, мама наліла сыну супу, падала катлету.
-         Я гарчыцы хачу,- кажа Грыша.
-         Нельга табе гарчыцу есці, яна вострая, - адказала мама.
Грыша пачаў смяяцца:
                          -   Эх ты! Хіба гарчыца вострая? Яна горкая. Я яе ўчора                
                              лізаў.
    Гурткоўцы разважаюць, хто сказаў праўду: мама, якая назвала гарчыцу вострай, ці Грыша, калі сказаў, што яна горкая? Высвятляецца, на якое пытанне адказвае слова вострая. Якія прадметы, з прыведзеных, можна назваць вострымі: шаблю, нажніцы, перац, лямпу?
   Вучні адгадваюць загадку: Ходзіць па даху, па вуліцы, полі...  
                                                 Ног у яго не палічыш ніколі
Вызначаюць, на якое пытанне адказвае і што абазначае слова ходзіць.
Замяняюць слова ходзіць у левым слупку блізкім па сэнсу словам з правага слупка.
                         Хлопчык ходзіць                         ... лье
                         Дождж ходзіць                            ... крочыць
   Затым настаўнік чытае апавяданне Б.Рабініна “Вясёлая размова”.
   - Тата, можна мне завесці сабаку? – спытаў Саша.
   - Калі ласка.
   “ Дазволіў, - здзівіўся Саша. – А раней ніколі не дазваляў. Значыць, сёння ён добры”.
- А калі я хачу завесці кацяня?
- Што ж, можна і кацяня, - згадзіўся тата і ўзяў часопіс.
“ Але ж і справы! І кацяня можна, Проста цуд”.
- І ... і труса можна таксама завесці?
- Калі табе хочацца, завядзі і труса.
Саша нават рот разявіў ад здзіўлення: “Усё-ўсё дазваляе! Што ж мне яшчэ папрасіць?
- А качаня можна завесці? Тут, у гэтым пакоі.... качаня?
- Можна. Можна. Можаш завесці што хочаш.Хоць слана, - адказаў тата і падцягнуў да Сашы скрынку. А ў скрынцы ляжалі сабака і кацяня, трус, качаня і нават слон. Іх усіх можна было завесці ... ключом.
 
   Высвятляецца, што прасіў Саша ў таты? Як хлопчык разумеў слова завесці? Чаму Саша так хутка атрымаў дазвол таты?
   Пасля гутаркі па зместу апавядання вучні адгадваюць загадку.
   Днём і ноччу я іду, ранкам вас не падвяду.
   Нават тых, хто моцна спіць, здольны хутка разбудзіць.
Гурткоўцы тлумачаць выраз будзільнік ідзе. Удакладняецца, калі гавораць будзільнік стаіць, спяшаецца, адстае.
   Настаўнік чытае вершы М. Пазнякова “Вясёлка” і “На лузе”, а вучні знаходзяць у іх мнагазначныя словы і тлумачаць, што абазначае слова бяжыць у гэтых двух чатырохрадкоўях.
   Па-над полем беглі хмары,           З сябрам мы на луг бяжым -
   Гром у бубен гучна ўдарыў,         Так дзівосна там!
   І пусціўся басанож                         Мяккі, велічны кілім
   Танцаваць блакітны дождж.         Разаслала лета нам.
   Настаўнік адзначае, што ў беларускай мове шмат мнагазначных слоў і вельмі важна ведаць гэтыя розныя значэнні, адрозніваць іх і правільна ўжываць у мове.
   Праводзіцца работа з “Тлумачальнымі слоўнікамі”. Настаўнік называе некалькі значэнняў слова цела.
1.     Асобны прадмет у прасторы.
2.     Арганізм чалавека або жывёлы.
3.     Тулава, корпус чалавека, жывёлы, птушкі.
Вучні адказваюць, ці ва ўсіх значэннях слова ўжыта ў прамым сэнсе? Складаюць сказы з кожным з гэтых значэнняў. Настаўнік паказвае, як у “Тлумачальным слоўніку” абазначаюцца розныя значэнні слова. Называе слова і старонку, а дзеці знаходзяць гэтае слова ў слоўніку і аналізуюць яго значэнні. Разам з вучнямі робіцца вывад, што новыя значэнні слова ўзнікаюць шляхам пераносу аднаго прадмета, прыметы ці дзеяння на іншыя. Далей работа праводзіцца ў форме конкурсу кемлівых. Гурткоўцы дзеляцца на дзве каманды і падбіраюць пераносныя значэнні да слоў, якія называе вядучы. Напрыклад: галава. Галава чалавека і галава цягніка. Апошняе – перанос назвы з аднаго прадмета на другі на аснове падабенства знешніх прымет.
                    ГУЛЬНЯ “АЎКЦЫЁН МНАГАЗНАЧНЫХ СЛОЎ”
   Бяруць удзел дзве каманды. У кожнай з іх выбіраецца вядучы. Каманды падбіраюць па пяць мнагазначных слоў і выпісваюць са слоўніка ўсе іх значэнні. Гульня пачынаецца. Вядучы адной з каманд называе адно са значэнняў слова, якое каманда падабрала і прапануе на аўкцыён. Удзельнікі другой каманды за пэўны час павінны назваць усе астатнія значэнні гэтага слова (можна карыстацца слоўнікам) і толькі ў гэтым выпадку яны атрымаюць ачко. Калі ж якое-небудзь значэнне слова не будзе названа, то камандзе залічваецца паражэнне і права называць слова атрымлівае іншая каманда.
   Гульня працягваецца да таго часу, пакуль не будуць выкарыстаны ўсе словы, якія ўключаны ў праграму аўкцыёна. Перамагае каманда, што набрала большую колькасць ачкоў.
                                ЛІТАРАТУРА:
1.     Александрович Н.Ф. Внеклассная работа по русскому языку. – М., 1992.
2.     Варановіч З. Б. Методыка выкладання беларускай мовы. – Мн., 1995.
3.     Клышка А.К. Верасок. – Мн., 1984.
4.     Панов Г.А. Внеклассная работа по русскому языку. – М., 1980.
5.     Паўлоўская В.І. Займальная граматыка. – Мн., 1965.
6.     Ушаков Н.Н. Внеклассная работа по русскому языку. – М., 1978.